Такую магчымасць маюць навучэнцы гуртка краязнаўства, які пачаў сваю работу з верасня 2019 г. у Гарадоцкім цэнтры дзяцей і моладзі. На занятках хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць не толькі ўдасканаліць свае веды па сусветнай і айчыннай гісторыі, але і ўбачыць гістарычныя і проста прыгожыя мясціны Гарадоцкага раёна і Віцебскай вобласці.
У рамках вывучэння першай тэмы – “Археалагічнае мінулае Гарадоччыны” - школьнікі наведалі Гарадоцкі краязнаўчы музей. Навуковы супрацоўнік Ірына Якімава цікава распавяла пра жыццё нашых продкаў. Падчас экскурсіі былі прадстаўлены некаторыя археалагічныя находкі, з якіх найбольшы інтарэс у дзяцей выклікала пахавальная ўрна, знойдзеная ў адным з могільнікаў на тэрыторыі Гарадоцкага раёна. На наступным занятку вучні мелі магчымасць пабачыць курганны могільнік ля возера Лугавое.
28 верасня навучэнцы наведалі Віцебск, дзе сталі ўдзельнікамі лагера жывой гісторыі “Сярэднявечча”, арганізаванага клубам гістарычнай рэканструкцыі “Нагльфар”. Удзельнікі клуба распавялі пра асаблівасці сваёй дзейнасці і прадстаўленыя экспанаты (дарэчы, кожны з экспанатаў зроблен рэканструктарамі па тэхналогіі скандынаўскіх майстроў). Пасля гэтага кожны змог паспрабаваць прымерыць вопратку і зброю сярэднявечнага ваяра, якой тут было шмат – ад невялікай сякеры да сапраўднага скандынаўскага мяча. Таксама была прадэманстравана баявая ладдзя вікінгаў – дракар, на якой удзельнікі клуба кожнае лета сплаўляюццапа Заходняй Дзвіне. Напрыканцы экскурсіі навучэнцаў чакала самае цікавае, але і складанае - стральба з сапраўднага скандынаўскага лука. Пад кіраўніцтвам вопытных майстроў хлопчыкі і дзяўчынкі спрабавалі трапіць у мішэнь, а ў кагосьці гэта нават атрымалася.
На працягу навучальнага года ўдзельнікаў гуртка чакае шмат цікавага: трэба наведаць вялікую колькасць месцаў, аформіць атрыманныя веды ў навуковыя працы, зрабіць шэраг фотавыставаў . Каб мець добрую будучыню, трэба ведаць сваю гісторыю. Спадзяемся, што менавіта праца ў гуртке дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам у іх дальнейшым жыцці.